КУРС ЛЕКЦИЙ
Лекцыйныя заняткi № 6
Методыка вывучэння марфалогіі
1. Агульныя падыходы да вывучэння тэмы
2. Сістэма вывучэння назоўніка ў пачатковых класах
3. Сістэма вывучэння прыметніка ў пачатковых класах
4. Асаблівасці вывучэння займенніка ў пачатковых класах
5. Сістэма вывучэння дзеяслова ў пачатковых класах
6. Методыка працы над прыназоўнікамі і злучнікамі ў пачатковых класах
7. Метады і прыёмы вывучэння марфалогіі
1. Агульныя падыходы да вывучэння тэмы. Вывучэнне часцін мовы спрыяе ўзбагачэнню і ўдакладненню слоўніка вучняў, фарміраванню іх маўленчай культуры, садзейнічае кагнітыўнаму развіццю асобы.>
Спецыфіка марфалогіі прадвызначае такія прынцыпы яе вывучэння:
– парадыгматычны, які ўяўляе сабой супастаўленне зыходнай формы слова і ўскосных формаў;
– лексіка-граматычны, які ўяўляе сабой супастаўленне агульнага сэнсавага значэння слова як часціны мовы і лексічнага значэння канкрэтнага слова;
– марфолага-сінтаксічны, які ўяўляе сабой супастаўленне слова ў якасці часціны мовы і члена сказа.
Задачы вывучэння тэмы “Часціны мовы” ў пачатковых класах:
– фарміраванне першапачатковых ведаў па марфалогіі: часціны мовы, іх змяненне;
– знаёмства з функцыянальнымі магчымасцямі вывучаемых часцін мовы;
– засваенне формаў словазмянення вывучаемых часцін мовы;
– выпрацоўка першапачатковых навыкаў правапісу прыназоўнікаў, канчаткаў назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў;
– развіццё граматычнага ладу маўлення вучняў.
У пачатковых класах вучні знаёмяцца з самастойнымі і некаторымі службовымі часцінамі мовы, вучацца праводзіць элементарны марфалагічны разбор назоўніка, прыметніка і дзеяслова.
Назоўнік, прыметнік і дзеяслоў вучні ўсведамляюць з пяці бакоў:
– што абазначаюць?
– на якія пытанні адказваюць?
– як змяняюцца ці якія маюць пастаянныя катэгорыі?
– якім членам сказа з’яўляюцца?
– якія маюць канчаткі?
Па гэтых жа параметрах праводзіцца параўнанне і супастаўленне часцін мовы.
У 2–4 класах матэрыял па марфалогіі падаецца па лінейна-канцэнтрычным прынцыпе. З класа ў клас паглыбляюцца веды пра граматычныя прыметы кожнай часціны мовы. Так, у 2 класе робіцца класіфікацыя слоў паводле пытання, на якое яны адказваюць. Тэрміны не ўводзяцца. У 3 класе малодшыя школьнiкi знаёмяцца з абагульняльным лексічным значэннем назоўніка, прыметніка і дзеяслова, іх змяненнем і пастаяннымі граматычнымі катэгорыямі. У 4 класе паглыбляюцца веды пра скланенне назоўнікаў і прыметнікаў, вывучаецца спражэнне дзеясловаў і змяненне іх у прошлым часе. У гэтым жа класе вывучаюцца асабовыя займеннікі. Гэта неабходна для таго, каб пазнаёміць вучняў са спражэннем дзеясловаў і арганізаваць працу па развіцці маўлення вучняў.
Пры вувучэнні часцін мовы малодшыя школьнікі без адрыву ад засваення граматычнага матэрыялу знаёмяцца з функцыяй сінонімаў і антонімаў, усведамляюць такія паняцці, як мнагазначнасць, прамое і пераноснае значэнне слова.
2. Сістэма вывучэння назоўніка ў пачатковых класах. Знаёмства з паняццем “назва прадмета” даецца ў 2 класе. Вучні аб’ядноўваюць прадметы ў групы (члены сям’і, прафесіі, свойскія і дзікія жывёлы, кветкі, агародніна, птушкі, адзенне, мэбля, школьныя прыналежнасці, транспарт, пабудовы, посуд, зімовыя і летнія з’явы прыроды). Малодшыя школьнiкi даведваюцца, што некаторыя прадметы маюць уласныя імёны, якія пішуцца з вялікай літары (прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, клічкі жывёл, назвы населеных пунктаў, рэк і азёр). Такім чынам вучнi падводзяцца да разумення граматычнай прадметнасці. У 3 класе даецца азначэнне назоўніка як часціны мовы, дзеці вучацца знаходзіць назоўнікі па значэнні і пытанні. У гэтым жа класе вывучаецца род назоўнікаў, а таксама змяненне назоўнікаў па ліках. Змяненне назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку па склонах вывучаецца ў 4 класе.
Род назоўнікаў. Вучнi параўнальна лёгка вызначаюць род адушаўлёных назоўнікаў (суадносяць з полам). Цяжэй вызначыць род абстрактных назоўнікаў. Род назоўнікаў вызначаецца практычна, шляхам падстаноўкі прыналежных займеннікаў (мой, мая, маё) і асабовых займеннікаў 3 асобы (ён, яна, яно). Трэба пераканаць вучняў, што род назоўнікаў не мяняецца. Неабходна звярнуць увагу на некаторыя фармальныя прыметы катэгорыі роду – найперш канчатак. Карысна спалучаць назоўнікі з прыметнікамі. Гэта дапаможа засвоіць род тых назоўнікаў, якія ў рускай мове маюць іншы род (у падручніках для пачатковай школы гэта цень, боль, медаль, капыт, палын, сабака, яблык, гусь, салата, жырафа, таполя).
Лік назоўнікаў. Тэрміны “адзіночны лік назоўнікаў” і “множны лік назоўнікаў” уводзяцца наступным чынам. Вучні выконваюць практыкаванні, у якіх патрабуецца выпісаць у адзін слупок назоўнікі, што абазначаюць адзін прадмет, а ў другі – многа прадметаў. Параўноўваючы словы, дзеці ўбачаць, што гэта назвы аднолькавых прадметаў, але яны абазначаюць розную іх колькасць і адрозніваюцца канчаткамі. Робіцца вывад, што назоўнікі, якія абазначаюць адзін прадмет, стаяць у адзіночным ліку, назоўнікі, якія абазначаюць два ці некалькі прадметаў, – у множным. Трэцякласнікі вучацца змяняць словы па ліках, заўважаючы змену канчаткаў, і вызначаць лік назоўнікаў у прапанаваных сказах. Яны даведваюцца таксама, што, для таго каб вызначыць род назоўнікаў, якія стаяць у множным ліку, трэба паставіць іх у адзіночным ліку і падабраць адпаведныя займеннікі.
У 4 класе на практычным матэрыяле вучнi знаёмяцца з назоўнікамі, якія выкарыстоўваюцца толькі ў адзіночным ці толькі ў множным ліку ( санкі, нажніцы і інш.; малако, мёд і інш.).
Змяненне назоўнікаў па склонах. Пазнаёміць вучняў са скланеннем назоўнікаў можна на аснове тэксту, у якім адзін і той жа назоўнік ужываецца ва ўсіх склонах. Да гэтага назоўніка пастаўлены адпаведныя пытанні. Дзеці заўважаюць, што назоўнік мяняе свае канчаткі, звязваючыся па сэнсе з іншымі словамі ў сказе. Пытанні і склонавыя формы назоўніка запісваюцца ў слупок. Уводзіцца паняцце скланенне (змяненне назоўніка па пытаннях). Вучні запамінаюць назвы склонаў і склонавыя пытанні.
Каб лягчэй запомніць назвы склонаў, у падручніку даецца тлумачэнне іх паходжання (назоўны – называе прадмет; родны – паказвае, чый прадмет, адкуль “родам” (кніга брата, шум лесу); давальны – звязаны з дзеясловам “даць” (даць брату); вінавальны – звязаны з дзеясловам “вінаваціць”, (вінаваціць сястру); творны – паказвае на прадмет, з дапамогай якога выконваецца дзеянне або на сумеснае дзеянне (касіць касой, касіць з татам); месны часта паказвае на месца дзеяння (сядзець на дрэве, працаваць на камбайне).
Вядомы беларускі метадыст М. Г. Яленскі, лічыць, што работу па вывучэнні скланення трэба арганізаваць у наступным парадку:
– прэзентацыя настаўнікам назвы склона (гіпотэза вучняў + абагульненне настаўніка);
– прэзентацыя слоаформы ў складзе словазлучэння;
– падбор аналагічных словазлучэнняў.
Вось у якой паслядоўнасці, на думку вучонага, можа адбыцца азнаямленне з родным склонам.
(На дошцы запісана: “Родны склон: каго? чаго?”)
“Настаўнік: Такая мілая і прыемная назва. Што яна можа абазначаць? Якія будуць гіпотэзы? (…) Вы правільна заўважылі, што родны абазначае нешта блізкае. Родны – значыць атрыманы ад нараджэння. Родны склон – гэта другі склон пасля нараджэння слова, самы блізкі і родны. Што ж абазначае гэты склон? Для чаго служыць у мове? Прачытайце прыклады, запісаныя на дошцы, выкажыце свае меркаванні і падбярыце аналагічныя прыклады”.
Вучні працуюць са словазлучэннямі:
– няма цукерак (адсутнасць прадмета);
– не хачу цукерак (адмаўленне);
– луста хлеба (частка прадмета);
– два боханы хлеба (колькасць прадметаў);
– першага верасня (дата);
– сустрэча каля школы (месца);
– жыхары Брэста, Мінска (прыналежнасць).
Вучні чацвёртага класа спачатку вучацца змяняць назоўнікі па склонах з апорай на ўзор і вызначаць склон назоўніка з дапамогай памяткі, якая змешчана ў падручніку:
– знайдзі слова, з якім звязаны назоўнік;
– ад гэтага слова пастаў склонавае пытанне да назоўніка;
– па пытанні вызначы склон назоўніка.
Звяртаецца ўвага на ўжыванне (адсутнасць) прыназоўнікаў са склонамі.
Пасля гэтага на аснове параўнання склонавых канчаткаў назоўнікаў у трох прыведзеных табліцах вучні даказваюць, на аснове чаго ўсе назоўнікі можна падзяліць на тры групы (скланенні). Далей складаецца памятка, якая дапамагае вызначаць скланенне назоўніка:
– паставіць назоўнік у назоўным склоне адзіночнага ліку;
– вызначыць род назоўніка;
– вызначыць канчатак назоўніка ў назоўным склоне адзіночнага ліку;
– па родзе і канчатку вызначыць скланенне.
У сучасных падручніках для пачатковай школы спачатку разгляаюцца канчаткі назоўнікаў 1-га скланення ў агульным плане, а пасля па парадку. Гэтак жа вывучаюцца канчаткі назоўнікаў 2-га і 3-га скланення, праводзіцца параўнанне і супастаўленне (уся праца ідзе на практычным узроўні з апорай на табліцу).
Паколькі вызначаць склон назоўніка вучням даводзіцца часцей за ўсё ў кантэксце, перад настаўнікам стаіць задача навучыць дзяцей ставіць да склонавых формаў назоўніка не толькі фармальна-граматычныя, але і сэнсавыя пытанні (дзе? куды? адкуль?) Гэта дапаможа ў сярэдняй школе правільна вызначаць члены сказа, рабіць сінтаксічны разбор.
Малодшыя школьнікі павінны ўсвядоміць, што склон назоўніка можна вызначыць па сукупнасці прымет, а іменна:
– сінтаксічнай ролі ў сказе;
– па пытаннях (як склонавых, так і сэнсавых);
– па прыназоўніках.
У практыцы работы школы назапашаны вялікі практычны вопыт навучання малодшых школьнікаў скланенню назоўнікаў і правапісу іх канчаткаў. Прывядзём некаторыя практыкаванні.
Прыём фразавага скланення (да назоўнікаў ставяцца пытанні, вызначаюцца канчаткі).
Н. На ясным вячэрнім небе ўзышла зорка.
Р. Раптам хмаркі засланілі неба і зоркі не стала.
Д. Сумна зорцы.
В. Глянуў на зорку месячык, які таксама сумаваў.
Т. Ён залюбаваўся зоркай.
М. А калі яна нечакана згарэла і ўпала, месячык доўга ўспамінаў аб зорцы.
Выкарыстанне звязных тэкстаў, у якіх выкарыстоўваюцца ўсе склонавыя формы аднаго слова (трэба паставіць назоўнік у патрэбнай форме і вызначыць яго склон).
Мой сусед – мастак. Мастак… не было дома, калі з пошты прынеслі тэлеграму. Гэта было віншаванне мастак… з нагоды адкрыцця выставы. Убачыўшы мастак…, я перадаў яму тэлеграму. Усе суседзі зацікавіліся мастак… . Аб мастак… напісалі ў газеце.
Зразумела, што гэта вучэбны тэкст, які патрабуе ў асобных выпадках замены назоўніка займеннікамі і сінанімічнымі словамі. Паўторна яго можна выкарыстаць пры вывучэнні адпаведных тэм.
Складанне звязных тэкстаў па загадзя падабраных пытаннях.
Хто працуе на заводзе? (Мой дзядуля працуе на трактарным заводзе).
Каго сёння не было на працы? (… дзядулі.)
Каму доктар даў бюлетэнь? (… дзядулю.)
Каго ты наведаў у выхадны дзень? (… дзядулю.)
Кім ты заўсёды ганарышся? (… дзядулем.)
Аб кім ты расказаў сёння. (… аб дзядулю.)
Камунікатыўнае заданне:
Вы дома засталіся адны. Мама пайшла ў магазін. Вы зрабілі ўрокі і захацелі пагуляць. Каб мама не турбавалася, вам трэба напісаць запіску. Напішыце запіску. Падкрэсліце назоўнікі і вызначыце іх склон.
Вызначыце, у якім склоне ўжыты назоўнікі ў прыказках і народных прыметах
Многа снегу – многа хлеба.
Дым слупом – да марозу.
Лес зімой зашумеў – чакай адлігі.
Дыдактычная гульня “Кім (чым) былі раней?”
Кураня – яйкам, дзень – ноччу, лёд – вадой; мужчына – юнаком; дуб – жолудам; рыба – ікрынкай і г. д.
Дыдактычная гульня “На чым прыехаў (прыплыў, прыляцеў) Дзед Мароз?”
Кожная з каманд павінна назваць як мага больш транспартных сродкаў.
Дзед Мароз прыехаў на трамваі, тралейбусе, аўтобусе, на метро, машыне, санях, веласіпедзе.
Дзед Мароз прыплыў на параходзе, на лодцы, на пароме, на яхце, на караблі.
Дзед Мароз прыляцеў на самалёце, планеры, паветраным шары, дэльтаплане, ракеце.
Дыдактычная гульня “Карэктар” (неабходна выправіць памылкі ў фразе)
Мы бачылі хуткага цягніка.
У рыбаў няма зубоў (у рыб няма зуб; у рыбоў няма зубоў).
3. Сістэма вывучэння прыметніка ў пачатковых класах. У 2 класе вучні павінны зразумець, што прадметы адрозніваюцца сваімі прыметамі. Засваенню лексічнага значэння слоў-прымет і іх граматычных уласцівасцяў будуць спрыяць наступныя практыкаванні:
– па пытаннях падабраць да назваў прадметаў назвы прымет па колеры, форме, матэрыяле і запісаць словазлучэнні;
– дапісаць сказы словамі з супрацьлеглым значэннем (Зіма халодная, а лета цёплае);
– назваць прадмет па прапанаваных назвах прымет (халодная, празрыстая, крынічная вада);
– уставіць прапушчаныя назвы прымет у сказе (Гудзе працавітая пчолка).
Асноўныя задачы вывучэння прыметніка ў 3 класе наступныя:
– асэнсаваць прыметнік як часціну мовы, што аб’ядноўвае словы з агульным лексіка-граматычным значэннем прыметы прадмета;
– усвядоміць сэнсавую і граматычную сувязь прыметніка з назоўнікам;
– навучыцца карыстацца пытаннямі як сродкам выяўлення прыметнікаў;
– працягваць назіранні над значэннем прыметы прадмета (колер, смак, пах, памер, матэрыял, размяшчэнне прадмета ў прасторы, прыналежнасць, ацэначная характарыстыка);
– навучыцца вызначаць формы роду і ліку прыметнікаў, дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў;
– усвядоміць ролю прыметнікаў у стварэнні тэксту.
У 4 класе вывучаецца змяненне прыметнікаў па родах, ліках і склонах. Разглядаецца правапіс склонавых канчаткаў прыметнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку, а таксама правапіс склонавых канчаткаў прыметнікаў у множным ліку (на практычным узроўні, з апорай на табліцу).
Змяненне прыметнікаў па родах. Ставячы ад назоўнікаў да прыметнiкаў пытанні які? якая? якое?, вучні пераконваюцца, што пытанне і сам прыметнікi змяняюцца ў залежнасці ад роду назоўнікаў. Каб лепш гэта заўважыць, карысна ўзяць адзін і той жа прыметнік і дапасаваць яго да назоўнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду (стол дубовы, крэсла дубовае, лаўка дубовая). Выдзяляюцца канчаткі прыметнікаў.
Параўноўваючы канчаткі прыметнікаў і канчаткі пытанняў, на якія яны адказваюць, вучні адзначаюць падабенства тых і другіх. Робіцца вывад: правільна пастаўленае пытанне “падказвае”, з якім канчаткам трэба пісаць прыметнік.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што прыметнік змяняецца па родах, у той час як назоўнік мае пастаянны род.
Неабходна яшчэ раз засяродзіць увагу на несупадзенні роду назоўнікаў у беларускай і рускай мове, каб не памыліцца ў вызначэнні роду прыметнікаў.
Змяненне прыметніка па ліках. Парадак вывучэння тэмы наступны. Параўноўваюцца канчаткі прыметнікаў у адзіночным і множным ліку. Робіцца заключэнне: у якім ліку стаіць назоўнік, у такім ліку ўжываецца і прыметнік. Неабходна засяродзіць увагу на тым, што ў адзіночным ліку прыметнікі адказваюць на розныя пытанні, а ў множным – толькі на адно (якія?) і маюць канчаткі -ія, -ыя.
Скланенне прыметнікаў. Паслядоўнасць вывучэння тэмы наступная. Спачатку паўтараецца залежнасць роду, ліку і склону прыметніка ад роду, ліку і склону назоўніка. Вучні практыкуюцца ў вызначэнні канчаткаў прыметнікаў па пытаннях (у падручніку маецца адпаведная памятка).
Пасля гэтага разглядаецца і аналізуецца табліца змянення прыметнікаў адзіночнага ліку мужчынскага, жаночага і ніякага роду, а таксама прыметнікаў множнага ліку па склонах.
Пад кіраўніцтвам настаўніка складаецца памятка, якая дапамагае вучням вызначыць склон прыметніка ў сказе:
Знайдзі назоўнік, з якім звязаны прыметнік.
Вызначы склон гэтага назоўніка.
3. Ад назоўніка пастаў пытанне да прыметніка і па склоне назоўніка вызначы склон прыметніка.
Настаўнік можа прапанаваць і іншы падыход: а) у звязным тэксце вучнi вызначаюць склон назоўніка і ставяць адпаведныя пытанні да прыметніка; б) выпісваюць у парадку склонаў назоўнік і прыметнік і падкрэсліваюць ці аддзяляюць рыскай (бяруць у рамачку) канчатак прыметніка. Гэта дапаможа яшчэ раз прасачыць поўную залежнасць прыметніка ад назоўніка.
Паводле існуючых падручнікаў, далейшая праца праводзіцца ў наступным парадку:
а) вучні знаёмяцца з канчаткі прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў назоўным і вінавальным склонах; параўноўваюцца канчаткі прыметнікаў мужчынскага роду, якія абазначаюць прыметы жывых і нежывых прадметаў;
б) вывучаюцца канчаткі прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў родным склоне; дзеці знаёмяцца са спосабам размежавання прыметнікаў роднага і вінавальнага склону (калі тыя абазначаюць прыметы жывых істот, трэба падставіць назоўнікі, якія абазначаюць нежывыя прадметы. Сеў на (каго? што?): добрага каня, добры веласіпед – В. склон).
в) вывучаюцца канчаткі прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў давальным склоне (-аму, -яму; пад націскам – -ому);
г) вывучаюцца канчаткі прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў творным і месным склонах (яны аднолькавыя: -ім, -ым);
д) па табліцы вучні знаёмяцца з канчаткамі прыметнікаў жаночага роду (агульнае знаёмства);
е) вывучаюцца канчаткі прыметнікаў жаночага роду ў назоўным склоне (-ая, -яя);
ж) вывучаюцца канчаткі прыметнікаў жаночага роду ў родным, давальным, творным і месным склонах (яны аднолькавыя: -ай, -ой, -яй);
і)вывучаюцца канчаткі прыметнікаў жаночага роду ў вінавальным склоне (ую, -юю);
к) вывучаюцца (у агульным плане) канчаткі прыметнікаў множнага ліку;
л) на аснове прыёму параўнання і супастаўлення вывучаюцца канчаткі прыметнікаў: назоўнага і вінавальнага склону; роднага, вінавальнага і меснага склону; давальнага і творнага склону).
Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў адбываецца на практычным узроўні з апорай на табліцы.
Вывучэнне прыметніка дае вялікія магчымасці для ўзбагачэння мовы вучняў вобразнымі сродкамі (эпітэт, метафара), для назірання за дакладнасцю і выразнасцю словаўжывання.
4. Асаблівасці вывучэння займенніка ў пачатковых класах. Тэма “Займеннік” вывучаецца ў чацвёртым класе. Вучні і да гэтага ўжывалі займеннікі, знаёміліся (у практычным плане) з іх роляй у тэксце. Цяпер неабходна, каб яны атрымалі агульнае паняцце пра займеннікі як словы, што ўказваюць на асобу ці прадмет, але не называюць іх. Праграма прадугледжвае вывучэнне толькі асабовых займеннікаў: іх ліку, роду, скланення (з апорай на табліцу).
У практычным плане вучні знаёмяцца з пытальнымі і прыналежнымі займеннікамі. Пытальнымі яны карыстаюцца пры вызначэнні сувязі слоў у сказе, а таксама пры вызначэнні склонавых форм назоўнікаў, прыметнікаў і асабовых займеннікаў. Прыналежнымі займеннікамі (мой, мая, маё) вучні карыстаюцца пры вызначэнні роду назоўнікаў.
Знаёмства можна пачаць з тэксту, які ўтрымлівае асабовыя займеннікі (яны выдзелены ці падкрэслены). Дзеці называюць асобу, на якую ўказваюць займеннікі.
Пеця любіць чытаць кнігі. Ён з задавальненнем чытае іх сваёй малодшай сястры. Яна заўсёды слухае ўважліва. Брат і сястра вельмі сябруюць. Яны заўсёды разам.
На матэрыяле данага тэксту настаўнік канцэнтруе ўвагу вучняў на тым, што займеннікі ўжывацца для сувязі сказаў у тэксце.
Далей можна прапанаваць для аналізу тэкст, у якім займеннікі ўказваюць на прадметы.
Пасля гэтага робіцца абагульненне (азначэнне займеннікаў, іх роля ў тэксце).
На наступным этапе вучні знаёмяцца з сінтаксічнай роляй займеннікаў >(дзейнік ці іншы член сказа), уводзіцца тэрмін асабовыя займеннікі.
Паняцце асоба ўсведамляецца вучнямі праз адносіны суб’екта да працэсу камунікацыі: я (мы) – той або тыя, хто гаворыць; ты (вы) – той або тыя, да каго звяртаюцца; ён, яна, яно, яны – той або тое, пра каго ці пра што гавораць.
Паказаць змяненне займеннікаў 1, 2 і 3 асобы адзіночнага і множнага ліку па склонах можна на матэрыяле спецыяльна падабраных тэкстаў (>дзеці ставяць у дужках пытанні і выпісваюць займеннікі ў парадку склонаў) ці шляхам аналізу адпаведных табліц (так прапанавана ў падручніку).
Ужываючы на месцы назоўнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду займеннікі 3 асобы, вучні прыходзяць да разумення роду займеннікаў (ён – мужчынскі род; яна – жаночы род; яно – ніякі род). Неабходна як мага часцей звяртаць увагу на адпаведнасць роду, ліку і склону займенніка 3 асобы роду, ліку і склону назоўніка, замест якога займеннік ужываецца.
Прыём, якім правяраецца напісанне прыназоўнікаў з займеннікамі, той жа, што і пры напісанні прыназоўнікаў і назоўнікаў, – пастаноўка пытання ці ўстаўка азначэння.
Пры вывучэнні тэмы неабходна як мага часцей выкарыстоўваць практыкаванні стылістычнага характару:
– замяніць адзіночны лік займенніка множным;
– замяніць назоўнікі займеннікамі і наадварот;
– утварыць словазлучэнні з займеннікамі;
– напісаць пісьмо сябру, ужываючы займеннікі і інш.
Адна з асноўных задач настаўніка пры вывучэнні тэмы – навучыць дзяцей правільна выкарыстоўваць займеннікі ў вуснай і пісьмовай мове з мэтай папярэджання паўтораў.
5. Сістэма вывучэння дзеяслова ў пачатковых класах. З групай слоў, якія абазначаюць дзеянні прадметаў вучні знаёмяцца ў другім класе. У гэтым жа класе яны вучацца пісаць такія словы асобна з часціцай >не.
Змяненне дзеясловаў па ліках. Тэма вывучаецца ў трэцім класе пасля таго, як вучні атрымаюць агульнае паняцце пра дзеяслоў як часціну мовы, навучацца вызначаць дзеясловы па значэнні і пытанні, пазнаёмяцца з сінтаксічнай роляй дзеясловаў у сказе. Змяненне дзеясловаў па ліках назіраецца праз параўнанне аднакаранёвых дзеясловаў у сказах, дзе яны абазначаюць адпаведна дзеянне аднаго прадмета і двух ці некалькіх прадметаў.
Змяненне дзеясловаў па часах. Малодшыя школьнікі павінны найперш усвядоміць сэнсавыя адрозненні паміж формамі часу. У аснову працы трэба пакласці навучанне дзяцей разуменню суадносін дзеяння, выражанага дзеясловам, з момантам гутаркі. Калі дзеянне адбываецца ў час гутаркі – дзеяслоў ужываецца ў цяперашнім часе, да моманту гутаркі – у прошлым часе, калі дзеянне толькі мае адбыцца – дзеяслоў стаіць у будучым часе. Тлумачэнне можна правесці на матэрыяле тэксту, які ўтрымлівае аднакарэнныя дзеясловы цяперашняга, прошлага і будучага часу. Вучні ставяць пытанні да кожнага дзеяслова і высвятляюць момант дзеяння, запамінаюць назвы формаў часу і адпаведныя пытанні. Тэкст можа быць наступным.
Учора я напісаў пісьмо бабулі ў вёску. Сёння я пішу пісьмо сябру. У пісьме я напішу яму пра наш клас.
У пачатковай школе не даюцца паняцці будучы просты і будучы складаны час дзеяслова. Пастаноўка адпаведных пытанняў да дзеясловаў дасць дзецям магчымасць засвоіць фармальныя прыметы розных формаў часу.
Неазначальная форма дзеяслова. Задача заключаецца ў тым, каб вучні змаглі навучыцца ставіць пытанні да неазначальнай формы дзеяслова, адрозніваць яе ад іншых дзеяслоўных форм і правільна ўжываць у мове.
Да ўсведамлення граматычнага значэння неазначальнай формы дзеяслова дзяцей можна падвесці праз вырашэнне праблемнай сітуацыі. У звязным тэксце настаўнік прапануе вызначыць асобу, лік і час дзеясловаў у неазначальнай форме. Дзеці пераконваюцца ў немагчымасці вырашэння пастаўленай задачы. Настаўнік паведамляе, што такія дзеясловы стаяць у неазначальнай форме. Засяроджваецца ўвага на пытаннях (што рабіць? або што зрабіць?) і канцавых спалучэннях літар (-ць, -ці, -чы, -цца). (Слова суфікс у дачыненні да іх на гэтым этапе не ўжываецца.) Робяцца абагульненні, чытаецца правіла.
Змяненне дзеясловаў цяперашняга і будучага часу па асобах і ліках (спражэнне). Малодшыя школьнікі павінны навучыцца: змяняць дзеясловы цяперашняга і будучага часу па асобах і ліках (з апорай на табліцу); вызначаць асабовыя канчаткі дзеясловаў цяперашняга і будучага часу (на практычным узроўні, з апорай на табліцу).
Парадак засваення тэмы наступны:
– вывучэнне інфінітыва;
– паўтарэнне і абагульненне ведаў пра асобу, лік і час дзеясловаў;
– вызначэнне канчаткаў дзеясловаў;
– агульнае паняцце пра спражэнне;
– азнаямленне з канчаткамі дзеясловаў 1 і 2 спражэння (з выкарыстаннем табліц на форзацы);
– вызначэнне спражэння дзеясловаў.
– практыкаванні ў напісанні канчаткаў дзеясловаў 1 і 2 спражэння (практычна, з апорай на табліцы).
Спражэнне дзеясловаў лепш за ўсё вызначаць па 3 асобе адзіночнага ліку (дзеясловы 2 спражэння маюць на канцы -ць: стаіць, глядзіць, а дзеясловы 1 спражэння -ць на канцы не маюць: нясе, цячэ) ці па 3 асобе множнага ліку (1спражэнне: -уць, -юць; 2 спражэнне: -аць, -яць).
Пры вывучэнні спражэння дзеясловаў трэба надаваць належнае значэнне культуры маўлення, бо дзеяслоў мае шмат адметнасцей у народных гаворках. Так, ужо на гэтым этапе неабходна дабівацца, каб вучні правільна ўжывалі форму 1-й асобы множнага ліку: >ідзём, бяром, нясём, пячом і інш., а таксама форму 2 асобы множнага ліку: седзіце, ідзяце, несяце, бераце, маўчыце.
Змяненне дзеясловаў прошлага часу. Як вядома, дзеясловы прошлага часу не змяняюцца па асобах. На асобу паказвае займеннік (я прыйшоў, ты прыйшоў, ён прыйшоў). Такія дзеясловы змяняюцца па ліках і родах. Вучні ўсведамляюць гэта праз пастаноўку пытанняў ад займенніка ці назоўніка да дзеяслова (ён (лес) зашумеў, яна (бяроза) зашумела, яны (дрэвы) зашумелі). Наяўнасць родавага канчатка у дзеясловах жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку дзеці адчуваюць пры параўнанні гэтых формаў з формамі мужчынскага роду. Праз марфемны аналіз (у падручніку гэта не прапанавана) вучнi заўважаюць наяўнасць спецыфічных суфіксаў: -ў – для мужчынскага роду; -л- – для жаночага і ніякага роду і множнага ліку.
Праграма не патрабуе, але, на нашу думку, карысна звярнуць увагу на тое, што перад названымі суфіксамі пішацца тая ж галосная, што і перад суфіксам неазначальнай формы.
6. Методыка працы над прыназоўнікамі і злучнікамі ў пачатковых класах. рыназоўнік у пачатковых класах вывучаецца ў практычным плане.
У 1–2 класах асноўная задача заключаецца ў фарміраванні ў вучняў здольнасці выдзяляць прыназоўнік як слова з патоку маўлення і пісаць яго асобна.
У 3 класе прыназоўнікі супастаўляюцца з прыстаўкамі, каб засвоіць асобнае напісанне прыназоўнікаў і злітнае напісанне прыставак.
У 4 класе класе пры вывучэнні склонаў назоўнікаў вучні запамінаюць, з якімі склонамі ўжываюцца тыя ці іншыя прыназоўнікі.
Такім чынам, на ўроках па тэме павінны вырашацца дзве асноўныя задачы – засваенне правапісу прыназоўнікаў і засваенне іх сінтаксічнай функцыі, якая для прыназоўнікаў галоўная.
Вучні павінны ўсвядоміць, што прыназоўнік і канчатак слова з’яўляюцца сродкамі выражэння сувязі слоў у словазлучэнні, што прыназоўнік выкарыстоўваецца толькі са словамі, якія змяняюцца па склонах і кожны прыназоўнік выкарыстоўваецца з канкрэтным склонам.
Злучнiк у пачатковых класах таксама вывучаецца ў практычным плане.
Вучнi пачатковых класаў павінны разумець ролю злучнiкаў у сказе і тэксце, умець адрозніваць злучнiкi ад іншых часцін мовы, дакладна расстаўляць знакі прыпынку пры выкарыстаннi злучнiкаў, паколькі менавіта пры дапамозе злучнiкаў злучаюцца аднародныя члены сказа. Правільнае ўжыванне злучнiкаў дапамагае развіццю маўлення вучняў; дапамагае iм граматна аформіць думку, сказ, скласцi тэкст.
7. Метады і прыёмы вывучэння марфалогіі. Пры вывучэнні марфалогіі выкарыстоўваюцца наступныя метады: паведамленне настаўніка, эўрыстычная гутарка, моўны аналіз (марфалагічны аналіз назоўніка, прыметніка, дзеяслова, займенніка), моўнае канструяванне (утварэнне форм слоў; утварэнне словазлучэнняў і сказаў розных тыпаў з прапанаванымі назоўнікамі, прыметнікамі, займеннікамі, дзеясловамі, прыназоўнікамі), наглядныя метады, метад практыкаванняў. Сярод марфалагічных практыкаванняў найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца апазнаванне часціны мовы, вылучэнне яе граматычных прымет; падбор слоў пэўнай часціны мовы, утварэнне указаных формаў слова, размежаванне амаформаў, групоўка слоў, складанне і запаўненне табліц. Для размежавання часцін мовы, іх граматычных формаў выкарыстоўваюцца прыёмы супастаўлення, падстаноўкі. Пры вывучэнні граматычных катэгорый розных часцін мовы выкарыстоўваюцца прыёмы аналізу, сінтэзу, класіфікацыі, абагульнення. Для выпрацоўкі ў вучняў уменняў ужываць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, займеннікі ў маўленні выкарыстоўваюцца прыёмы замены, трансфармацыі.>